85 спосабаў завязваньня гальштуку

85ways

Кніга з такой назвай («The 85 Ways to Tie a Tie») была выдадзена ў 1999 годзе фізыкамі Томасам Фінкам (Thomas Fink) і Ёнг Мао (Yong Mao). Гэтая кніга прыцягнула да сябе неймаверны інтарэс і на дадзены момант перакладзена на дзясятак моваў. Добра ілюстраваная кніга ўтрымлівае падрабязную гісторыю гальштукаў, гісторыю найбольш вядомых гальштучных вузлоў, але найбольш цікавай зьяўляецца распрацаваная аўтарамі сыстэма апісаньня гальштучных вузлоў пры дапамозе «матэматычных» і «фізычных» мэтадаў. Гэтая сыстэма дазволіла выявіць усе магчымыя вузлы для гальштукаў і абраць найбольш эстэтычна прывабныя і зручныя. Далей будзе падрабязна апісаная гэтая сыстэма.

Сама ідэя гальштучнага вузла заключаецца ў тым, што вузел завязваецца шырокім (актыўным) канцом гальштука, пры гэтым вузкі (пасыўны) канец застаецца нерухомым, каб у выніку свабодна праходзіць праз створаны вузел. Стварэньне вузла пачынаецца з руху актыўнага канца ўлева і затым паўзверх, альбо знізу пасыўнага канца, у выніку чаго плоскасьць падзяляецца на тры сэктары: правы, левы і цэнтральны (П, Л, Ц). Мы працягваем завязваць вузел, абарочваючы актыўны канец гальштука вакол створанага цэнтра. Такім чынам увесь працэс завязваньня можна прадставіць як пасьлядоўнасьць паўабаротаў актыўнага канца з аднаго сэктару ў іншы, пры гэтым рух актыўнага канца можа быць накіраваны як у бок кашулі (о), так і ў адваротным кірунку (х). Гэтыя сымбалі адпавядаюць наканечніку і апярэньню ўмоўнай стралы – указальніка накірунку.

85ways

Каб скончыць вузел, неабходна абярнуць актыўны канец гальштуку вакол пярэдняй часткі вузла, г.зн. па схеме ПоЛх альбо ЛоПх, затым уніз па накірунку да цэнтру (Цо), і, нарэшце, прасоўваецца ў створаную пятлю (абазначаецца літарай Т, але ня лічыцца рухам). Такім чынам адвольны гальштучны вузел можна апісаць як пасьлядоўнасьць вызначаных рухаў (Пх, По, Цх, Цо, Лх, Ло), якая пачынаецца з Ло альбо Лх і канчаецца як ПоЛхЦоТ альбо ЛоПхЦоТ. Гэтая сыстэма мае жорсткія межы: два пасьлядоўныя рухі ня могуць быць накіраваныя ў адзін сэктар (напрыклад, ПоПх) альбо ў адным накірунку (напрыклад, ЦоЛо).

85w

Такім чынам кожны гальштучны вузел адпавядае пэўнай пасьлядоўнасьці сымбаляў, а адвольная пасьлядоўнасьць, якая мае права на існаваньне, адпавядае пэўнаму вузлу, які можна выкарыстоўваць для завязваньня гальштукаў. Такім чынам, аўтары гэтай кнігі стварылі сыстэму, якая досыць добра апісвае гальштучныя вузлы.

Разглядаючы ўсе гэтыя рухі як ступені пераходу па трохкутнай краце, аўтары сыстэмы здолелі класыфікаваць вузлы па памеру і форме і падлічылі колькасьць вузлоў у кожнай такой групе. Усяго атрымалася 85 вузлоў дапушчальных па памеру, якія можна раздзяліць на 16 груп, якія ўлічваюць як колькасьць агульных рухаў, так і рухаў у цэнтральны сэктар (менавіта рухі ў цэнтральны сэктар вызначаюць шырыню вузла). Далей былі прымененыя эстэтычныя крытэрыі і крытэрыі зручнасьці і ў выніку, з 85 вузлоў засталося толькі 13, якія заслугоўваюць лепшых рэкамэндацый.

Tags: