Каўнерык «На гузіках»

button-down

Лёгка здагадацца, чаму каўнерык атрымаў такую назву. Усё проста – вугалкі каўнерыка прышпільваюцца гузікамі да тканіны кашулі. Але некаторыя саромеюцца такой прастаты словаўтварэньня, і, напрыклад, расейцы называюць такі тып каўнерыкаў «Баттэн даўн» – ад ангельскага «Button down».

Кашуля з такім каўнерыкам лічыцца спартыўнай, таму яе можна насіць без гальштуку, з расшпіленымі верхнімі гузікамі (але гузікі самога каўнерыка абавязкова павінны быць зашпілены). Такі каўнер зьяўляецца ідэальным для вольнага часу і бізнэсу, але кашулю з каўнерам «На гузіках» не апранаюць на афіцыйныя альбо сьвяточныя мерапрыемствы. Насіць яе лепш за ўсё ў трошкі нядбалай камбінацыі нагавіцы + блэйзэр альбо джэмпер.

Паміж краямі каўнерыка «На гузіках» звычайна застаецца зусім невялічкая адлегласьць, толькі для кампактнага, вузкага гальштучнага вузла. Таму для гальштукаў з лёгкім напаўняльнікам альбо без яго можна параіць завязваць вузел «Паўвіндзар». Для гальштукаў з больш шчыльным напаўняльнікам – падыдуць «Просты вузел», «Усходні», «Кэльвін», «Вікторыя», «Дыяганальны» і таксама «Нікі».

Мужчынам з падвойным падбародкам такую кашулю насіць непажадана, бо гэты каўнерык падкрэсьлівае «падвойнасьць», замест таго каб адцягваць ад яе ўвагу.

Tags: