
Выбар колеру гальштуку – зусім не трывіяльная задача. Часам узьнікае праблема знайсьці кашулю да гальштуку які спадабаўся, альбо наадварот – гальштук для кашулі. Такія праблемы часам зьяўляюцца невырашальнымі, калі проста не атрымліваецца падабраць пару ўжо набытай рэчы. Таму лепш за ўсё купляць гальштук адначасова з кашуляй, каб можна было адразу падабраць пару, якая спадабаецца. Пры выбары гальштуку трэба ўлічваць колер і расфарбоўку кашулі, а таксама і колер касьцюму.
Увогуле, існуюць дзьве тэхнікі пошуку гармоніі паміж колерамі кашулі і гальштуку. Альбо гальштук падкрэсьлівае кантраст, альбо наадварот зьліваецца колерам з кашуляй і касьцюмам.
Цалкам чорны гальштук звычайна носяць разам з чорным касьцюмам і белай кашуляй. Такая камбінацыя радуе вока дзякуючы максымальнаму кантрасту.
Белыя альбо крэмавыя гальштукі можна лічыць зарэзэрваванымі для асаблівых урачыстасьцяў. Яны зьліваюцца з белай кашуляй і найлепшым чынам падыходзяць для такіх момантаў.
Ружовы гальштук, як правіла, найлепшым чынам выглядае з кашуляй белага альбо нябеснага колеру, а таксама шэрым касьцюмам.
А вось гальштук чырвонага колеру цудоўна гарманіруе з сіняй, ружовай, чорнай альбо белай кашуляй.
Жоўты гальштук лепш за ўсё будзе выглядаць на цалкам сіняй кашулі, альбо сіняй з рыскамі. Прычым, колер можа вар’явацца ад рэзкага сіняга да мяккага пастэльнага сіняга. Акрамя таго, жоўты гальштук можа ажыўляць кашулю восеньскіх колераў. Але ні ў якім выпадку не апранайце жоўты гальштук з ружовай кашуляй.
Сіні гальштук цудоўна падыходзіць да сіняй кашулі тых самых тонаў альбо больш сьветлай, а таксама да белай кашулі. Чым больш глыбокі колер такога гальштуку, тым больш падкрэсьліваецца элегантнасьць.
Для зялёных гальштукаў складаней за ўсё падабраць добрую камбінацыю. Але можна параіць для іх кашулі чырвонага, белага, чорнага колеру альбо зялёнага, больш сьветлага за колер гальштуку.
Tags: Выбар гальштуку, Колер